Вялікае месца ў выхаванні дзяцей займаюць народныя казкі - скарбніца народнай мудрасці, таму неабходна шырока выкарыстоўваць іх у сямейным выхаванні.
У мінулым беларускага народа асаблівае месца ў маральным выхаванні займалі народныя казкі, што былі ў паўсядзённым ужытку бацькоў.
У казках - гатовыя педагагічныя сітуацыі , якія народ вырашае з пазіцыі дабра і зла. Выкарыстанне педагагічных сітуацый дазваляе слухачам загадзя прадбачыць адказ прама ці ўскосна пастаўленае пытанне пра тое, як будзе паводзіць сябе герой народнай казкі. Казкі развіваюць фантазію, фарміруюць уменне лагічна мысліць. Калі іншыя жанры вуснай народнай творчасці можна ўмоўна звязаць з фарміраваннем нейкай адной якасці асобы, напрыклад, загадкі - з разумовым развіццём, то народныя казкі ўяўляюць сабой той жанр вуснай народнай творчасці, які ўсебакова ўплывае на фарміраванне асобы, ханя прэваліруе тут усё ж такі маральны бок выхаўвачага ўздзеяння.
Для беларускіх народных казак характэрна тое, што ў іх заўсёды дабро перамагае зло. Дабрыня, чалавечнасць заўсёды ўзнагароджваюцца. Станоўчыя героі паважаюць людзей, прыветліва і ласкава да іх звяртаюцца, а за гэта заўсёды атрыліваюць дапамогу і падтрымку.
Беларускія народныя казкі вучаць "залатому правілу" маралі: "Як ты да людзей, так і людзі да цябе", "Як гукнеш, так і адгукнецца". Сярод беларускіх казак, якія спрыяюць разуменню гэтых правілаў жыццёвай мудрасці, варта назваць казку "Лісіца і жораў", якая па сваёй нагляднасці і вобразнасці даступная нават маленькім дзецям.
Казкі вучаць правілам узаемаадносін паміж бацькамі і дзецьмі. Ухваляюць паважлівыя адносіны да бацькоў і асуджаюць грубасць, эгаізм, непавагу да іх (казкі "Недалікатны сын", "Коваль-багатыр", "Стары бацька").
Выхаванню працавітасці, сумленных адносін далюдзей вучаць казкі "Пшанічны каласок", "Лёгкі хлеб", "Пчала і муха" і іншыя.
У беларускіх народных казках працавітасць і дысцыплінаванасць прывіваюцца шляхам асуджэння дармаедтсва, ляноты ("Хомкава жонка", "Аб тым, як ксяндзы вылечыліся"). Выхаванню станоўчых маральных якасцей дапамагаюць таксама казкі, у якіх высмейваецца скупасць, прагавітасць, напавага да старасці ("Шаптуха", "Прагны багацей"). Сціпласці вучаць казкі "Ганарыстая варона", "Жаба ў каляіне", "Самы разумны"; смеласці і мужнасці - "Не сіла, а смеласць", "Як кот звяроў напалохаў"; гасцінасці - "Як кум у кума гасцяваў".
Выхаванню калектывізму, узаемадапамогі, узаемавыручкі, сяброўства могуць дапамагчы такія какзі, як "Зайкава хатка", "Коцік, пеўнік і ліска", "Казка пра бычка і яго сяброў".
Беларускія народныя казкі вучаць таксама быць добрым сем'янінам - "Як чорт мужыку вочы адкрыў", "За што мужык пану бараду абгаліў". Сумленнасці і праўдзівасці вучаць казкі "Крыўда і праўда", "Удовін сын", "Козы".
Казка - ратавальнік, натхняльнік і сямейная рэліквія. Казкі прысутнічаюь у жыцці кожнага чалавека з дзяцінства. Казка - гэта не проста забава. У ёй хаваюцца назапашаныя стагоддзямі і пакаленнямі веды, па зярнятку адабраная найбольш важная і патрэбная інфармацыя. Гэта пасланне нашчадкам пра тое, як жыць, любіць, сябраваць, дзейнічаць у скаладных сітуацыях, як будаваць сям'ю, адносіны паміж мужчынам і жанчынай, паміж бацькамі і дзецьмі. Казка надзвычай шматгранная. Яе можна разглядаць з педагагічнага, псіхалагічнага, тэрапеўтычнага пункту гледжання. На свядомым узроўні дзіця можа не зразумець закладзеныя ў яе сеэн. Аднак менавіта ў той момант, калі яно слухае казку, у глыбіні яго душы адбываюцца пераўтварэнні. Калі дзіця спалоханае, усхваляванае, перажывае ўзроставы крызіс, яно абірае героя, якому суперажывае, з кім сябе ідэнтыфікуе, і разам з ім перамагае цмока, здабывае чароўныя яблыкі ці меч-кладзянец. Разам з ім робіцца смялейшым, і адбываецца псіхалагічны рост. Казка не проста настаўнік, яна добра лекар, які дапаможа перажыць гора, смутак, трывогу.
Беларускія казкі цудоўныя ва ўсіх адносінах і маюць свае асаблівасці. У іх закладзена жыццёвая мудрасць, транслююцца духоўныя якасці і каштоўнасці, уласцівыя менавіта беларускім людзям. Беларусы вядомыя ў свеце сваёй мяккасцю, дабрынёй, талерантнасцю, смеласцю, працавітасцю, цярплівасцю, вынахолівасцю, дасціпнасцю і выдатным пачуццём гумару. Дзякуючы гэтым якасцям мы выжывалі ў сітуацыях, дзе выжыць было амаль немагчыма. І нашы казкі гэтаму вучаць. Сярод галоўных героях у беларускіх казках практычна няма лайдакоў, гультаёў, баязліўцаў.
Чытайце - рабіце выхаванне казкай. Пры выбары казкі варта арыентавацца на асаблівасці свайго дзіцяці, разумець, што для яго важна. Калі дзіця просіць перачытваць яму адну і тую ж казку, гэта паказчык таго, што для яго гэта важна. Ідэнтыфікуючы сябе з галоўным героем, дзіця зноў і зноў засвойвае чароўны ўрок смеласці, дабрыні, любові, суперажывання, вырашае ўнутраныя канфлікты, пермагае зло і несправядлівасць. Найлепшае, што вы можаце даць сваім дзецям, - адчуванне чароўнага і радаснага дзяцінства, якое запомніцца ім на ўсё жыццё. І казка - адзін з тых колераў вясёлкі, які робіць дзіцячы свет больш цёплым і сардэчным.